АРХА́НГЕЛЬСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
у складзе Расіі. Утворана 23.9.1937. Пл. 587,4 тыс. км². Насельніцтва 1547,4 тыс. чал. (1994), гар. 76%. Цэнтр — г. Архангельск. Уключае Ненецкую аўтаномную акругу і астравы Паўн. Ледавітага ак. (Калгуеў, Вайгач, Новая Зямля, Зямля Франца-Іосіфа, Салавецкія і інш.). Найб. гарады: Котлас, Северадзвінск, Навадзвінск, Анега.
Прырода. Размешчана на Пн Усх.-Еўрапейскай раўніны. У паўн.-зах. частцы тэр. цягнецца горны краж Ветраны Пояс (выш. да 344 м), на ПнУ — Ціманскі краж (выш. да 303 м), Канін Камень (да 242 м) і хр. Пай-Хой (выш. да 467 м). Цэнтральная ч. парэзана далінамі рэк, асобныя платопадобныя ўчасткі выш. 150—270 м (Каношскае і Няндомскае ўзвышшы, Беламорска-Кулойскае плато і інш.). На У ад Ціманскага кража — вялізная забалочаная Пячорская нізіна б.ч. якой занята Вяліказямельскай і Малазямельскай тундрамі з шэрагам марэнных градаў выш. да 250—275 м. Карысныя выкапні: медзь, баксіты, алмазы, свінцова-цынкавыя руды, вапнякі, даламіты, гліны, кварцавыя пяскі, нафта, прыродны газ, вял. запасы торфу. Клімат на Пн субарктычны, на Пд умерана кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -12 да -18 °C, ліп. ад 8 да 16 °C. Ападкаў 300—500 мм за год. На Пн шматгадовая мерзлата. Гал. рэкі: Паўн. Дзвіна (з прытокамі Вычэгда, Пінега і Вага), Пячора, Анега, Мязень. Густая сетка азёраў (каля 2,5 тыс.), найб. Лана, Кенвозера, Кожвозера. Рэзка выяўлена шыротная занальнасць глебава-расліннага покрыва. На ПнУ зона тундры (арктычная, мохава-лішайнікавая і хмызняковая) на тундрава-глеевых і тундрава-балотных глебах. Зона лесатундры занята рэдкалессем на тарфянаглеевых і слабападзолістых глебах. Лясы займаюць ½ тэр. Архангельскай вобласці, пераважае тайга з елкі і хвоі, на У трапляюцца піхта і лістоўніца. У Архангельскай вобласці Пінежскі запаведнік.
Гаспадарка. Архангельская вобласць — буйны раён лесанарыхтоўкі, лесапілавання, лесаэкспарту, цэлюлозна-папяровай вытв-сці. Развіты машынабудаванне (суднабудаванне, суднарамонт, дарожныя машыны, абсталяванне для лясной прам-сці), лёгкая, харч. прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Гал. галіны сельскай гаспадаркі — малочная жывёлагадоўля (высокапрадукцыйная халмагорская буйн. раг. жывёла). На Пн — аленегадоўля, зверагадоўля, пушны і марскі промысел. Пасевы жыта, бульбы, агародніны. Марскі і рачны транспарт (водная трансп. сістэма — Паўн. Дзвіна з прытокамі), суднаходныя таксама Вычагда, Пячора, Мязень. Парты: Архангельск, Анега, Мязень, Нар’ян-Мар. Чыг. лініі Волагда-Архангельск, Канаш—Котлас—Мікуль. Касмадром Плясецк. Цэнтры нар. промыслаў: Каргапаль, Сольвычагодск, Халмагоры. Курорты: Сольвычагодск, Саланіха, Беламор’е і інш. На Салавецкіх а-вах гіст.-арх. і прыродны музей-запаведнік з Салавецкім манастыром.
П.І.Рогач.
т. 1, с. 517